ХА́РЫУС ЗВЫЧА́ЙНЫ, харыус еўрапейскі (Thymallus thymallus),

рыба сям. харыусавых атр. ласосепадобных. Пашыраны ў рэках і некат. азёрах Еўропы. На Беларусі трапляецца ў чыстай вадзе ў вярхоўях рэк бас. Нёмана, Віліі і Зах. Буга. Нар. назвы — ліпень, ляпеня, хар’юз. Занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. да 50 см, маса да 1 кг. Цела верацёнападобнае, укрытае дробнай луской. Афарбоўка цела стракатая, асабліва ў самцоў у перыяд нерасту. На спіне, у верхняй ч. з бакоў, чорныя плямкі, па баках бураватыя палоскі. Парныя плаўнікі аранжавыя, няпарныя — фіялетавыя. Спінны плаўнік высокі, доўгі. Есць тлушчавы плаўнічок. Корміцца дробнымі доннымі жывёламі, ікрой рыб, насякомымі.

Л.​В.​Кірыленка.

Харыус звычайны.

т. 16, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)